Адкрытае акцыянерная таварыства «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» першым у раёне правяло абрад «Зажынкі», сімвалізуючы пачатак масавага жніва збожжавых культур. Месцам правядзення ўрачыстасці было абрана ўрочышча Будзіслава.
Са старадаўніх часоў павялося, што гэтае працоўнае свята распачынае самую гарачую пару ў календары земляробаў, калі колас ужо наліўся і саспеў, збажына стаіць залатой сцяной і чакае руплівых рук хлебаробаў.
На полі роўнай шарэнгай выстраіліся магутныя збожжаўборачныя камбайны «New Holland», якія гарманічна ўпісаліся ў прыродны ландшафт зеляніны лесу і жаўцізны хлебнай нівы. А побач з імі — галоўныя героі жніва — механізатары і вадзіцелі, спецыялісты — тыя, чыімі намаганнямі будзе сабраны сёлетні ўраджай.
Звяртаючыся з прывітальным словам да хлебаробаў, намеснік дырэктара бройлернай птушкафабрыкі па сельскай гаспадарцы Надзея Грыбанава адзначыла, што перад працаўнікамі стаіць няпростая задача: збожжавыя належыць убраць з плошчы 3 130 гектараў, да таго ж — 651 гектар рапсу.
— Масавая ўборка — эта сапраўдны экзамен для хлебаробаў, і яго мы павінны вытрымаць на высокім ўзроўні, — падкрэсліла Надзея Васільеўна. — Праца ў звеннях, дакладная рэгуліроўка механізмаў камбайнаў, захаванне нормаў пажарнай бяспекі, строгі ўлік прадукцыі — вось тыя складнікі, што гарантуюць важкі каравай.
Сёлета аддзяленне «Курына» папоўнілася новымі механізатарамі, якія будуць працаваць на айчынных камбайнах і чатырох «New Holland». Прычым за кошт апошніх двух «іншаземцаў» гаспадарка абнавіла свой парк тэхнікі ў мінулым годзе. Усяго ж у гэтым сезоне на збожжавых палетках трох аддзяленняў птушкафабрыкі задзейнічаны 13 экіпажаў, і кожнаму з іх у сярэднім, па падліках адміністрацыі, прыйдзецца апрацаваць звыш 290 гектараў.
Хлеб, выпечаны з мукі леташняга ўраджаю, быў паднесены Надзеі Грыбанавай, як сімвал плённай працы і дабрабыту. У знак пашаны камбайнерам таксама ўручылі духмяны каравай, каб падсілкавацца перед пачаткам напружанай работы.
Благаславіў на вялікую справу хлебаробаў ігумен Віктар, які акрапіў святой вадой удзельнікаў жніва і тэхніку — каб не падводзілі ў патрэбны час ні дужыя рукі, ні магутныя механізмы. Ансамбль народнай песні «Гасцінец» Кіраўскага сельскага Дома культуры выканаў фальклорныя песні. З музычным суправаджэннем калектыў рушыў да пасеваў, каб здзейсніць самы галоўны святочны рытуал. Яго ўдзельнікі сярпом зжалі першы сноп, на які паставілі каравай, адламалі кавалак і паклалі на ржышчы пад зажыначнымі каласамі. З пажаданнямі багатага ўраджаю культработнікі ўручылі «залаты» букет галоўнаму аграному Марыне Сярэбраннікавай. Згодна з традыцыямі продкаў, на працягу года захоўвалі сноп, якому аказвалася асаблівая пашана, і лічылася, што ён валодае цудадзейнай гаючай сілай.
Зажыначны абрад працягваўся нядоўга — усе разумелі, што нават хвіліну выдатнага надвор’я страчваць нельга. Машыны раз’язджаліся, з неба ласкава свяціла сонца і «залатое» поле клікала сваіх рупліўцаў…
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.
Фота аўтара.
Комментариев нет:
Отправить комментарий